НІ ТАКТЫЧНА, НІ СТРАТЭГІЧНА ПАЗІЦЫЮ АДМОВЫ АД АКТЫЎНАЙ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ Ў ПЕРЫЯД ВЫБАРАЎ НЕЛЬГА НАЗВАЦЬ АПРАЎДАНАЙ
2000-12-25
Аўтар: Юрый ТАПАРАШАЎ
Прайшоўшыя ў кастрычніку 2000 года выбары ў Нацыянальны
сход Рэспублікі Беларусь параўноўвалі з генеральнай рэпетыцыяй грандыёзнага
спектакля - прэзідэнцкіх выбараў. І калі б гэтых выбараў не было, іх трэба было
б прыдумаць. Хаця б для таго, каб паглядзець, хто на што здольны. У прыватнасці,
як выканае сваю ролю адна з галоўных дзеючых асоб - сродкі масавай інфармацыі.
Рамантыкі ад палітыкі спадзяваліся на скандальныя публічныя разборкі, укідванне
кампрамата, шырокае прымяненне іншых брудных тэхналогій. Чакаліся сутыкненні
двух відаў СМІ - дзяржаўных і недзяржаўных.
Вайна кампраматаў не адбылася. СМІ не сутыкнуліся. На інфармацыйным полі бітвы
панавала нудлівая цішыня. Яна была асабліва адчувальная ў параўнанні з той выбарчай
бітвай расійскіх тэлеканалаў, якую давялося назіраць нядаўна і беларускім тэлегледачам.
У тэтым ёсць нейкая недарэчнасць, але мы былі грунтоўна праінфармаваны аб ходзе
выбарчых кампаній у чужой краіне. Знаёміліся з перадвыбарчымі праграмамі і кандыдатамі
ў дэпутаты расійскай Дзярждумы, затым з прэтэндэнтамі на расійскі прэзідэнцкі
прастол. Затое вось аб сваіх...
У гэтым плане паказальныя вынікі вераснёўскага сацыялагічнага агульнанацыянальнага
апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных
даследаванняў. На пытанне "Ці ведаеце вы што-небудзь пра кандыдатаў, якія балаціруюцца
па вашай акрузе на восеньскіх парламенцкіх выбарах?" пераважная большасць (72%)
адказалі: "Не, нічога пра іх не ведаю". Яшчэ больш пераканаўчымі былі адказы
на іншае пытанне - "Ці маеце вы дастатковую інфармацыю пра кандыдатаў... і іх
перадвыбарныя праграмы?". Упэўненае "не" прагучала ад 87 (!) працэнтаў апытаных.
За сваю перадвыбарную "глухату" і "слепату" патэнцыяльныя выбаршчыкі павінны
падзякаваць у першую чаргу айчынным сродкам масавай інфармацыі.
Такую нізкую актыўнасць беларускіх СМІ ў гарачую пару выбарчай кампаніі, канешне
ж, можна спісаць на малавопытнасць, прафесійную непадрыхтаванасць, у нейкай
ступені на абыякавасць і незацікаўленасць удзельнічаць у падобнага кшталту неспакойных
мерапрыемствах. Апошняе зразумела: ворагаў нажыць лёгка, а вось карысці - ніякай.
Але былі і іншыя, куды больш важкія прычыны. Менавіта яны галоўным чынам і прадыктавалі
незалежнай прэсе ўхіліцца ад актыўнага ўдзелу ў выбарчым працэсе. Асноўная -
разброд і хістанне ў радах дэмакратычнай апазіцыі, якая так і не змагла да канца
вырашыць - ісці ці не ісці на выбары. Толькі некалькі, у асноўным сталічных,
газет надалі тэме байкоту больш-менш значную ўвагу. Партыі і рухі, умоўна кажучы,
дэмакратычнай арыентацыі і незалежныя кандыдаты ў сваёй большасці расцэньваліся
незалежнгымі журналістамі хутчэй як "адступнікі", чым змагары за правую справу.
Або іх не заўважалі наогул, або аказвалі апасродкаваную інфармацыйную падтрымку,
якая ўвогуле аказалася для іх дарэмнай. А былі выпадкі, калі тая ж незалежная
прэса і "палівала" іх.
Ні тактычна, ні стратэгічна пазіцыю адмовы ад актыўнай інфармацыйнай дзейнасці
ў перыяд выбараў нельга назваць апраўданай. Залішне гаварыць, што менавіта ў
гэты час увага грамадскасці прыкавана да сродкаў масавай інфармацыі. Дастаткова
падрыхтаваныя прапагандысты выкарыстоўваюць іх для масіраванага "праштурхоўвання"
сваіх поглядаў і ідэй. У гэтым плане дзяржаўныя сродкі масавай агітацыі і прапаганды
дзейнічалі куды больш зладжана і мэтанакіравана. Тактычна яны пабудавалі сваю
інфармацыйную палітыку больш правільна, калі глядзець на гэта з пункту гледжання
іх закулісных менеджэраў. Яны не столькі ўсхвалялі сваіх кандыдатаў (хаця і
гэтаму надавалася значнае месца), колькі палівалі брудам усю "радыкальную апазіцыю"
і яе асобных прадстаўнікоў. Ільвіная доля часу была нададзена "тлумачальнай"
працы па прыцягненню максімальнай колькасці выбаршчыкаў да ўдзелу ў мерапрыемстве
("Усе - на выбары!").
Армада дзяржаўных СМІ была дакладна нацэлена і кінула ў бой для дасягнення гэтай
мэты. Узначалілі яе, як звычайна, ТБ і радыё. Ці дамагліся гэтыя флагманы пастаўленай
мэты? Адказ неадназначны.
З аднаго боку, выбары быццам бы адбыліся. "Парламент", хаця і крыху ўсечаны,
сфарміраваны. Але гэта, хутчэй, заслуга Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь
па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў і яе філіялаў, чым дзяржаўных
газетчыкаў, радыстаў і тэлевізіёншчыкаў. Калі ўлічыць сродкі, затрачаныя дзяржавай
на выбарчую агітацыю і прапаганду, то атрымліваецца, што іх старанні шмат у
чым выйшлі ў свісток. Арганізатары выбараў настойліва хочуць, каб ім верылі,
калі сцвярджаюць, што на выбары прыйшла дастатковая колькасць выбаршчыкаў для
таго, каб яны лічыліся адбыўшыміся. Але ці вераць у гэта самі арганізатары?
І ўсе патугі дзяржпрэсы, якая выдае пажаданае за сапраўднае, пачынаюць працаваць
у рэжыме рэдукцыі, зваротнага ходу. Наступае момант адарвання. І ў гэтым галоўная
"заслуга" усёй дзяржаўнай інфармацыйна-прапагандысцкай машыны.
Дзяржаўныя сродкі інфармацыі нават не спрабавалі (хаця б для бачнай прыстойнасці)
неяк замаскіраваць сваю ангажыраванасць і абсалютную аднабаковасць. Пасля першага
тура ўрадавая "Рэспубліка" змясціла артыкул на паласу пад прэтэнцыёзнай назвай
"Палітычная воля беларускага народа" (24 кастрычніка 2000 г.). Ён зроблены па
матэрыялах малавядомага шырокай аўдыторыі "інфармацыйна-палітычнага цэнтра ЗІС".
Артыкул поўны маленькіх прапагандысцкіх "шэдэўраў", разлічаных на спажыўца разжаванай,
а то ўжо і пераваранай ежы. Напрыклад, "павучальную інфармацыю даюць вынікі
выбараў у тых акругах Мінска, дзе яны не адбыліся". А ведаеце, чаму не адбыліся?
Адказ элементарны: "Тут вылучалі свае кандыдатуры такія апазіцыянеры, як...".
І далей ідзе спіс. Затое ў іншых адбыліся. Здагадваецеся чаму? Правільна: "Вынікі
выбараў у першым туры неаспрэчна сведчаць пра поўную падтрымку выбаршчыкамі
менавіта тых кандыдатаў у дэпутаты, якія з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі
палітыкі прэзідэнта А.Г.Лукашэнкі". Ну і, нарэшце, "галоўная выснова: выбары
ў Беларусі прайшлі абсалютна дэмакратычна, гэта значыць як і меркавалася".
Без нейкай перадышкі дзяржаўныя прапагандысты ўключыліся ў разгортванне глабальнай
антызаходняй інфармацыйнай вайны. На свет Божы ўсплывае, здаецца, навечна забытая
рыторыка, вылазяць штампы і клішэ часоў разаральнай для нас "халоднай вайны".
Самы час будаваць "жалезную заслону" - запускаць "глушылкі", перакрываць доступ
замежнай прэсе, душыць сваіх "гарлапанаў"... Словам, рабіць так, каб "усе нашы
апаненты зразумелі, што беларускі народ голай прапагандай і інфільтрацыяй дысідэнцкіх
груп не возьмеш".
Не ведаеш, ці то смяяцца, ці то плакаць.