Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Агульная інфармацыя
 
Агульная інфармацыя

Агульная інфармацыя аб прынцыпах і ўмовах правядзення выбараў, рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь

Прававая аснова выбарчай сістэмы, рэферэндуму

Прававую аснову выбарчай сістэмы, рэферэндуму складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Выбарчы кодэкс і іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь, пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Асноўныя прынцыпы правядзення выбараў і рэферэндуму

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў з'яўляюцца свабоднымі і праводзяцца на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзяцца па адзінай выбарчай акрузе, якая складае ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах. Для правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь утвараецца 110 выбарчых акруг. Для правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў утвараюцца выбарчыя акругі: па выбарах у абласны Савет дэпутатаў - ад 40 да 60 выбарчых акруг; па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў - ад 40 да 60 выбарчых акруг; па выбарах у раённы Савет дэпутатаў - ад 25 да 40 выбарчых акруг; па выбарах у гарадскі Савет дэпутатаў (гарады абласнога падпарадкавання) - ад 25 да 40 выбарчых акруг; па выбарах у гарадскі Савет дэпутатаў (гарады раённага падпарадкавання) - ад 15 да 25 выбарчых акруг; па выбарах у пасялковы, сельскі Савет дэпутатаў - ад 11 да 15 выбарчых акруг.
Выбары членаў Савета Рэспублікі праводзяцца на падставе роўнага і ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні.
Рэферэндум праводзіцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання.

Права на ўдзел у выбарах і рэферэндуме

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў і рэферэндум з'яўляюцца ўсеагульнымі: права абіраць, удзельнічаць у рэферэндуме маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.
У выбарах, рэферэндуме не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па прысуду суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не бяруць удзел асобы, у дачыненні да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, абрана мерай стрымання утрыманне пад вартай.

Сістэма камісій па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, рэферэндуму

Падрыхтоўку і правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў, рэферэндуму забяспечваюць Цэнтральная камісія, а таксама адпаведна выбарчыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, камісіі па рэферэндуму.

Прызначэнне даты выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў, тэрміны іх правядзення

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Калі пасада Прэзідэнта апынулася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі. Пры гэтым скарочаныя тэрміны правядзення перадвыбарчых мерапрыемстваў вызначаюцца Цэнтральнай камісіяй.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў новага склікання прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не пазней за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання. Пры роспуску Палаты прадстаўнікоў у выпадках і парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт адначасова прызначае выбары ў Палату прадстаўнікоў новага склікання. Пазачарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў праводзяцца на працягу трох месяцаў з дня датэрміновага спынення паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў дзеючага слікання.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў новага склікання прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не пазней за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў дзеючага склікання. Выбары ва ўсе мясцовыя Саветы дэпутатаў праводзяцца адначасова. У выпадку роспуску мясцовага Савета дэпутатаў выбары ў гэты мясцовы Савет дэпутатаў прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не пазней чым у месячны тэрмін з дня яго роспуску і праводзяцца з выкананнем патрабаванняў Выбарчага кодэкса.

Прызначэнне даты рэферэндуму, тэрміны яго правядзення

Права ініцыяваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, грамадзянам Рэспублікі Беларусь.
Ініцыятыва Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі на правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму выяўляецца ў форме прапановы, якая прымаецца на іх асобных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, і ўносіцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Ініцыятыва грамадзян на правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму выяўляецца ў форме прапановы, унесенай ня менш чым 450 тысячамі грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку ня менш чым 30 тысячамі грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прызначае рэспубліканскі рэферэндум па ўласнай ініцыятыве або ў двухмесячны тэрмін пасля ўнясення на яго разгляд прапаноў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ці грамадзян.
Дата правядзення рэферэндуму вызначаецца не пазней трох месяцаў са дня выдання ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызначэнні рэферэндуму.

Патрабаванні, што прад'яўляюцца да кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узроста 21 год і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь.
Дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узроста 18 гадоў.

Права і тэрміны вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты

Кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш чым 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь пачынаецца за 80 дзён і заканчваецца за 50 дзён да выбараў.
Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць палітычным партыям, зарэгістраваным Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь не пазней чым за шэсць месяцаў да прызначэння выбараў, працоўным калектывам, а таксама грамадзянам шляхам збору подпісаў. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён да выбараў.
Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія жывуць або працуюць на тэрыторыі адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў, а таксама працуюць у арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі іншага Савета дэпутатаў, але звязаных з задавальненнем патрэб насельніцтва і сацыяльным развіццём тэрыторыі дадзенага мясцовага Савета дэпутатаў.
Кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць насады ў дзяржаўным апараце ў сувязі з наяўнасцю судзімасці, не скасаванай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Час і месца галасавання

Пры выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў, правядзенні рэферэндуму галасаванне праводзіцца з 8 да 20 гадзін.
Датэрміновае галасаванне праводзіцца не раней чым за пяць дзён да выбараў, рэферэндуму з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін.

Фінансаванне выбараў, рэферэндуму

Выдаткі па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў, рэспубліканскага рэферэндуму ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Яны могуць таксама фінансавацца за кошт сродкаў арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і грамадзян Рэспублікі Беларусь, уносімых у пазабюджэтны фонд, створаны Цэнтральнай камісіяй для дадатковага фінансавання выдаткаў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, рэферэндуму.
Выдаткі па падрыхтоўцы і правядзенні мясцовага рэферэндуму, паўторных выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў і выбараў дэпутатаў замест выбылых ажыццяўляюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту ў парадку, устаноўленым адпаведным мясцовым Саветам, а таксама за кошт сродкаў арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, размешчаных на тэрыторыі адпаведнага мясцовага Савета, і грамадзян, што жывуць на гэтай тэрыторыі.